Белорусский государственный концерн пищевой промышленности БЕЛГОСПИЩЕПРОМ
PDA
Рус En
ОАО «Лидапищеконцентраты» Фабрика «Коммунарка» Фабрика «Коммунарка» Фабрика «Коммунарка»

СМИ о концерне

24.09.2014

zviazda.by Цукар — гэта так… складана!

Журналістам выпала магчымасць пабываць на Слуцкім цукрарафінадным камбінаце ў гэтыя асеннія дні, калі адбываецца перапрацоўка першых партый новага ўраджаю цукровых буракоў

Вырабіць цукар — няма нічога… Правільна, больш складанага. Кожны з нас штодня спажывае цукар калі не ў булачцы, то ў мармеладзе, калі не ў ёгурце, то ў шакаладцы. Дзеці і дарослыя па некалькі разоў на дні запускаюць лыжкі ў цукарніцы і пераносяць тысячы крышталёў у кубкі з чаем-кавай-какавай. А колькі ж яны рассыпаюць міма кубкаў! Здаецца, ну і што? Нейкі там цукар — гэткая каштоўнасць… Але ж калі б вы пабывалі там, дзе гэтая каштоўнасць вырабляецца, то назвалі б празрыстыя крупінкі… белым золатам, не меней. Тое, што мы неабачліва рассыпаем на стол, праходзіць неверагодны шлях. Размова ідзе пра вельмі і вельмі цяжкую, аб’ёмную працу наймагутнага абсталявання і, вядома, людзей.

«Неверагодны» ў дадзеным выпадку не азначае, што адна цукрынка робіцца некалькі месяцаў. Ад моманту першай апрацоўкі сыравіны — цукровых буракоў — да расфасоўкі па пакетах праходзяць усяго… суткі. Але ж якія! Бурачны сок працякае за гэты час каля 50 км! І гэты бег з адной ёмістасці ў другую — кругласутачны, без выхадных і свят. З пункту гледжання эканамічнай эфектыўнасці ідэальна завяршаць перапрацоўку цукровых буракоў да студзеня, пакуль сыравіна захоўвае найбольшую колькасць цукру.

Слуцкі камбінат — унікальны. У Беларусі наогул цукровую галіну прадстаўляюць, акрамя яго, яшчэ тры падобныя прадпрыемствы — адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Скідзельскі цукровы камбінат», «Гарадзейскі цукровы камбінат», «Жабінкаўскі цукровы завод». Усе працягваюць мадэрнізацыю. І не столькі для павелічэння магутнасцяў — па вялікім рахунку, яны і без таго немалыя, — колькі дзеля павелічэння эканамічнай эфектыўнасці, эканоміі тых жа энергазатрат.

— Сёння вытворчыя магутнасці завода — 8 тысяч тон перапрацоўкі цукровых буракоў за суткі, — кажа старшыня назіральнага савета ААТ «Слуцкі цукрарафінадны камбінат» Восіп ДАПІРА. — Пасля рэканструкцыі, да канца наступнага года, нашы магутнасці складуць 10 тысяч тон. Усе цукровыя арганізацыі краіны будуць выходзіць на такія аб’ёмы. Заводы з падобнай магутнасцю ёсць і ў блізкім замежжы, аднак разам з тым яны істотна саступаюць па тэхналагічных паказчыках, расходзе цеплаэнергіі, вытворчых стратах і г.д. Слуцкі камбінат трэці год запар прызнаецца лепшым у галіне на тэрыторыі Мытнага саюза…

Паверце на слова, апісаць падрабязнасці вырабу цукру немагчыма. Прынамсі, журналісту. Тым больш на старонках перыядычнага выдання. Бо гэта — суцэльная тэхналогія, хімічныя працэсы. А ў мяне з хіміяй яшчэ са школы нелады. Так што я абмалюю сітуацыю коратка і ў агульных рысах.

Вось гэтая плошча з гурбамі (глядзіце фота на 1-й стар.), якія нагадваюць егіпецкія піраміды, называецца кагатным полем. Яно, мякка кажучы, вялікае, а таму свабодна прасціраецца на ўскрайку Слуцка, дзе якраз можа быць так шумна і пыльна. Дарэчы, вы калі-небудзь бачылі цукровы бурак? Ён белы. Белы ўсярэдзіне, брудны звонку — усё ж не на дрэвах расце. І па памеры гэтая гародніна зусім не дробненькая. А па «фігуры» — штосьці такое грушападобнае.

Нагружаныя гэтымі «грушамі» (здалёк, праўда, здаецца, што камянямі) машыны адна за адной прыбываюць (а прыбываць яны могуць са 108-і гаспадарак, размешчаных не толькі ў самой Мінскай вобласці) на пункт бракоўкі, дзе можна візуальна ацаніць памер і забруджанасць партыі перад тым, як накіраваць вадзіцеля на разгрузку. Размова можа ісці аб працяглым ці кароткатэрміновым захоўванні або накіроўванні адразу на перапрацоўку. У сыравіннай лабараторыі літаральна за 10 хвілін ставяць «дыягназ» — якая цукрыстасць, забруджанасць. Цукрыстасць вагаецца сёння ад 14 да 16 працэнтаў.

Машына разгружаецца проста на гэтым кагатным полі. Пад адкрытым небам. А дзе яшчэ вы хочаце выгрузіць мільён тон буракоў? Сыравіна, чарга якой надышла ператварацца ў белае золата, падаецца вадой на завод па спецыяльных гідратранспарцёрах. Яны хоць і падземныя, але не закрытыя на ўсім сваім працягу. Таму ёсць магчымасць перацярпець моцны шум і грукат, каб пабачыць, як велізарныя буракі бурляць у патоках вады, пазбаўляючыся па дарозе ад камянёў і саломы. У гідратранспарцёры сыравіна і рухаецца, і збольшага адмываецца, а на заводзе праходзіць далейшае адмысловае мыццё.

Далей — самае складанае. Спачатку атрымліваюць цукровую стружку. Потым дыфузійная, высачэзная 38-метровая ўстаноўка высалоджвае (можна сказаць, адбірае) цукар з гэтай стружкі. Працэс перадачы досыць мокры. Высалоджванне адбываецца ў ваду, а таму атрымліваецца не цукар, а сок. Яго ачышчаюць ад розных непатрэбных рэчываў (назавём гэта прымесямі). Пераказаць, што там уключае ў сябе працэс ачысткі, і не прасіце. Проста ведайце, што гэты працэс дае сок светла-жоўтага колеру, які змяшчае 13-14 працэнтаў сухога рэчыва. Такі раствор паступае на выпарную станцыю, каб атрымаць колькасць сухіх рэчываў 72-74 працэнты. Адбываецца гэтае пераўтварэнне ў шэсць этапаў на станцыі выпарвання! Цяпер у нас ёсць густы сіроп, які павінен урэшце стаць крышталямі. Вырашчаныя, як тут кажуць, крышталі яшчэ не белыя. Каб стаць белымі, ім трэба пабоўтацца ў спецыяльнай цэнтрыфузе. Усё. Сушым іх, ахалоджваем і фасуем.

У мяне і цяпер перад вачыма карціна, калі буракі «залятаюць» у патоках вады па транспарцёры ў крытае памяшканне завода. Гэта нагадвае землятрус, падчас якога дрыжыць жалезная падлога, на якой ты стаіш і адчуваеш сябе саломінкай. У дадатак тут стаіць грукат — работнікі, праўда, спакойна адсочваюць працэс. Неабдымнае абсталяванне шуміць так, што чалавечы голас, нават узмоцнены да крыку, цяжка пачуць.

– Для вырабу цукру ў свеце выкарыстоўваюцца два віды сыравіны — трыснёг і цукровыя буракі, — тлумачыць галоўны тэхнолаг камбіната Юрый ТРЫКО. — У свеце трыснёг актыўна перапрацоўваюць у Бразіліі, Паўднёвай Амерыцы, Аргенціне… Атрымліваюць сырцовы цукар жоўта-карычневага колеру. У выніку далейшай яго перапрацоўкі можна вырабіць белы цукар, нічым не горшы за бурачны. Айчынныя прадпрыемствы таксама выпускаюць трысняговы цукар. Колькасць цукрозы ў цукры — 99,6-99,9%, незалежна ад яго паходжання. Цукроза — самае каштоўнае, што ёсць у цукры. Як вядома, мінералаў там няма. Як і вітамінаў.

Часам вы можаце бачыць, што цукровыя крышталікі бываюць і дробнымі (самая дробная фракцыя — гэта ўжо цукровая пудра), і буйнейшымі. Спажыўцы не павінны палохацца. Тэарэтычна, як паўсюдна ў Еўропе, можна выпускаць цукар сямі фракцый, на нашым заводзе вырабляецца чатыры з іх.

Святлана БАРЫСЕНКА.



























Все новости
Концерн "Белгоспищепром"

Приёмная:
+375 17 285-03-96
Канцелярия:
+375 17 215-60-96
+375 17 215-60-95

+375 17 327-83-31 (факс)
Телефон "горячей линии"
+375 17 223-87-40
Почтовый адрес: 220006, г. Минск, ул. Аранская 6
Мы на Facebook
www.facebook.com

Мы В Контакте
vk.com

Мы на YouTube
www.youtube.com

Режим работы: 9.00 - 18.00
Обеденный перерыв:
13.00 - 14.00
Выходные дни: суббота, воскресенье

Последние новости
Каталог предприятий Вакансии

Интернет-ресурсы

Все ресурсы