Белорусский государственный концерн пищевой промышленности БЕЛГОСПИЩЕПРОМ
PDA
Рус En
ОАО «Лидапищеконцентраты» Фабрика «Коммунарка» Фабрика «Коммунарка» Фабрика «Коммунарка»

СМИ о концерне

06.01.2015

zviazda.by Дранікі на «хуткую руку»

У маім рацыёне ёсць прадукт, які не дазваляе «выйсці з дзяцінства». Нават перад касіркай пастаянна раблю выгляд, што гэтую ўпакоўку з вясёлым зайцам набываю не сабе. Я пра кукурузныя палачкі… Колькі ем, столькі не разумею, што ў іх такога прывабнага… І разважаю: як іх так надзімаюць? Прынамсі, нарэшце пашчасціла знайсці адказ.













































«Мне не сорамна за нашу прадукцыю!» — вось якімі словамі павінен вітаць журналістаў кожны кіраўнік вытворчага прадпрыемства. Генеральны дырэктар ААТ «Лідахарчканцэнтраты» Алена КЕНЦЬ так нас і павітала. Паказала рукой на некалькі заводскіх карпусоў і патлумачыла, што ў кожным выпускаецца асобны від прадукцыі. Усяго можна налічыць звыш сотні, але яны дзеляцца на асноўныя групы: па-першае, харчовыя канцэнтраты — кукурузныя палачкі, кісялі, жэле, супы, булёны, кашы; па-другое, шматкі розных відаў круп, неабходныя для вырабу тых жа супоў і каш; па-трэцяе, прыправы.

— Уся наша прадукцыя добра вядомая на ўнутраным рынку краіны, — кажа Алена Уладзіміраўна. — Самае важнае — якасць. У спецыяльнай лабараторыі ажыццяўляем кантроль і сыравіны, і гатовай прадукцыі. Канкурэнтаў у нас шмат, але ж вытворчасць тых жа кукурузных палачак і прыпраў расце. Налета ў продажы з’явяцца і новыя прадукты.

Якасць у вырабе харчовых прадуктаў сёння становіцца надзвычай актуальнай, паколькі ў пагоні за тым, што танней, спажывец у прамым сэнсе «наеўся» завезеных прадуктаў, аб саставе якіх нават страшна даведвацца. На рынках, напрыклад, можна набыць танныя спецыі — фасаваныя ў невялічкія поліэтыленавыя пакецікі. Адна знаёмая купіла такі, нібыта з чорным перцам. Дома прыгледзелася: нешта на звычайны пыл падобна, дый пах праз колькі дзён знік некуды. У народзе кажуць, што і замест чырвонага перцу можна здробненую цэглу прыкупіць. Асабіста я сабой рызыкаваць не намерана. На лідскім прадпрыемстве той жа перац і ў савецкі час, і сёння выпускаецца адмысловай якасці.

























Вядома, што «спецыі» ў Беларусі не растуць. Даводзіцца іх завозіць. Але пастаўшчык у Ліды правераны, спецыі — родам з Індыі. Спачатку іх ачышчаюць ад магчымых прымесяў, праводзяць дэзынфекцыю, пасля чаго здрабняюць, змешваюць і фасуюць. У пакеціках цёмна-зялёнага колеру прыправа будзе і з соллю (дарэчы, пашукайце ў продажы навінкі — «Кары» і «Тры перцы»), а прыправы пад гандлёвай маркай «Tvіtnіk» — без солі і глутамату натрыю (гэтая дабаўка для ўзмацнення смаку выкарыстоўвалася, дарэчы, і ў савецкі час). Усе шматкампанентныя прыправы гатуюцца паводле адпаведнай рэцэптуры, распрацаванай спецыялістамі самога прадпрыемства або Навукова-практычнага цэнтра НАН па харчаванні. Не выключана, што ў хуткім часе лідскія прыправы пачнуць выкарыстоўвацца айчыннымі мясаперапрацоўчымі прадпрыемствамі.

Кукурузных палачак на паліцах магазінаў — процьма. Але ж лідскі «Хрумсцік» застаецца тым самым, вырабленым згодна з дзяржаўным стандартам, чаго не скажаш аб прадукце замежнай вытворчасці.

У Лідзе палачкі робяцца толькі з кукурузнай крупы, але тэарэтычна можна іх вырабіць і з сумесі розных круп. Тэхналогія будзе аднолькавая. «Кукурузную крупу мы завозім з Украіны, правяраем якасць, бяспеку і — у вытворчасць, — тлумачыць галоўны тэхнолаг прадпрыемства Ірына ВЕРАМ’ЁВА. — Крупа спачатку ачышчаецца ад магчымых прымесяў, здрабняецца да стану мукі, пасля чаго змешваецца з соллю і вадой. Гатовы паўфабрыкат падаецца ў спецыяльнае абсталяванне — экструдар, без якога вытворчасць кукурузнай палачкі проста немагчымая».

Вось сакрэт і раскрыты: у вышэйзгаданым экструдары пад уздзеяннем высокай тэмпературы і перападаў ціску цестападобная сумесь набывае порыстую структуру, становіцца дзіравай і пухкай! Далей палачкі наразаюцца і адпраўляюцца ў велізарныя змешвальнікі, дзе паліваюцца цукровым сіропам з рознымі дабаўкамі (са смакам ванілі, лімона, мёду, згушчанага малака). Такія палачкі — сухенькія і хрумсткія. Аднак выпускаюцца і іншыя — больш пухкія, больш мяккія, з алеем і цукровай пудрай. У продаж паступіла і навінка, замена чыпсам — салёныя кукурузныя палачкі «Джон Кук» са смакам сыру, грыбоў у смятане, смятаны з цыбуляй, чырвонай ікры. Дарэчы, менавіта ў Лідзе ў 1968 годзе былі выраблены першыя беларускія кукурузныя палачкі.

— Нашы канцэнтраваныя, у брыкетах, супы і кісялі па-ранейшаму вельмі запатрабаваныя пакупнікамі, — расказвае начальнік аддзела маркетынгу Андрэй МІЛЕЎСКІ. — Мы не толькі працягнем выпуск тых жа кісялёў, але і будзем развіваць гэтую лінейку — дададзім вітамін С, пачнём выраб хуткарастваральных кісялёў. Дарэчы, нашы супы і кісялі, як і кукурузныя палачкі «Хрумсцік», маюць тую ж савецкую, паводле дзяржаўнага стандарту, рэцэптуру.

Семдзесят гадоў таму, у 1944-м, завод быў узведзены для забеспячэння тылу прадуктамі харчавання. І вядома, гэта былі супы, кашы і кісялі ў брыкетах. Жыццё паказала, што такія прадукты патрэбны і ў мірным жыцці. У першую чаргу, для паставак Узброеным Сілам па ўсім Саюзе. Такіх прадпрыемстваў-пастаўшчыкоў было няшмат на прасторах Саветаў, а сёння падобны завод працуе толькі ў нашай краіне. Прадпрыемства па-ранейшаму ўдзельнічае ў тэндарах на пастаўку сухіх пайкоў ваеннаслужачым. А заадно аблягчае жыццё і ўсім нам — тым, хто любіць падарожнічаць, у каго не так і шмат часу стаяць каля пліты.

У студзені абавязкова пакаштуйце два першыя новыя прадукты з серыі «Стравы беларускай кухні» — «Дранікі беларускія» і «Клёцкі дамашнія». Высыпаеце сухую сумесь у міску, дадаяце колькасць вады, пазначаную ў рэцэпце, чакаеце 10-15 хвілін. А далей вядома што: дранікі — смажыце (іх з адной упакоўкі павінна атрымацца 6-8 штук), а клёцкі — варыце. Дранікі па смаку атрымліваюцца такімі, што пра «канцэнтрат» і не здагадаешся.
Все новости
Концерн "Белгоспищепром"

Приёмная:
+375 17 285-03-96
Канцелярия:
+375 17 215-60-96
+375 17 215-60-95

+375 17 327-83-31 (факс)
Телефон "горячей линии"
+375 17 223-87-40
Почтовый адрес: 220006, г. Минск, ул. Аранская 6
Мы на Facebook
www.facebook.com

Мы В Контакте
vk.com

Мы на YouTube
www.youtube.com

Режим работы: 9.00 - 18.00
Обеденный перерыв:
13.00 - 14.00
Выходные дни: суббота, воскресенье

Последние новости
Каталог предприятий Вакансии

Интернет-ресурсы

Все ресурсы